Даслаць аўдыё

Не трэба быць гукарэжысёрам, каб запісаць аўдыё для мапы. Але каб мы маглі працаваць з ім, дасыланы аўдыёфайл павінен адпавядаць наступным крытэрам:

  • ён павінен быць у фармаце mp3;
  • аўдыёфайл у назве павінен утрымліваць інфармацыю пра вёску і рэспандэнта, напрыклад: Зянькі, Іна Хоміч.mp3;
  • у лісце з дамацаваным файлам падайце больш поўную інфармацыю: вёска, раён, вобласць; імя і прозвішча рэспандэнта, яго год народзінаў; калі і кім (імя, прозвішча, год нараджэння) быў зроблены запіс.

Запісваючы чалавека, трымайце дыктафон не далей, чым 50 см ад яго, сачыце, каб на фоне не было раздражняльных гукаў. Выключайце іншыя смартфоны ў пакоі – яны перыядычна будуць ствараць памехі, якія зробяць вашу працу марнай. У той жа час, тэматычныя фоны вітаюцца. Напрыклад, калі вы гаворыце пра трактар, ён цалкам можа працаваць непадалёк. Галоўнае, каб фон заставаўся менавіта фонам, і не перашкаджаў слухаць размову.

Тэмы размоў могуць быць самыя розныя: ад традыцыйных абрадаў і песняў да абмеркавання надвор’я. Галоўнае, каб гэта было цікава і каб было зразумела, пра што ідзе гаворка.

Увага! Запісаны тэкст не павінен утрымліваць нецэнзурнай лексікі і мовы варожасці.

Лісты з дамацаванымі аўдыётрэкамі чакаем на адрас dialectsmap@gmail.com.